Максім Багдановіч
Тым вянкі суворай славы,
Што за край свой у баю
Жрэбі вынулі крывавы,
Напаткалі смерць сваю.
Ды слаўней вагітнай доля, -
Ў сэрцы маючы любоў,
За дзіцё зазнаці болі,
За дзіцё пралілі кроў.
Слава тым, хто сілу мае
Смерць, не дрогнуўшы, спаткаць,
Хто ў мучэннях памірае,
каб жыццё дзіцёнку даць!
Душа твая — малюнак артыстычны:
Пад лютняў звон прыгожы масак рой
Танцуе там, адзеўшыся нязвычна,
Ў надзеі скрыць праз гэта смутак свой.
Ha ціхі лад усе яны спяваюць
Пра мір жыцця i светлую любоў,
Ды веры ў шчасце спевы іх не маюць,
I з ясным светлам зліты зыкі слоў,
Са светлам месяца прыгожа-смутным,
Ад чар чыіх на дрэвах птушкі сняць,
I лёгкія струі у плачы чутным
Між мармуроў натхнёна зіхацяць.
Акіян дрыжыць
Пад паглядам сумным
Месяца i ў шумным
Гуле шчэ бурліць
Ў час, калі агнём
Ўраз нябёсы крае
I y цьме зіяе
Бліскаўкі ізлом,
I на міг відаць,
Як у бурнай далі
Б'юць аб скалы хвалі,
Зіхацяць, грымяць
I да неба мкнуць,
Дзе вятры бушуюць,
Дзе грымоты злуюць,
Грукацяць i б'юць.
Блішчыць у небе зор пасеў;
У полі — рунь, і ў небе — рунь.
Да рэчкі лецячы, ўзляцеў
Між імі марай белы лунь.
Кажан пранёсся на крылах,
Стракочуць конікі ў траве,
Снуюцца мышы на палях,
Здаецца — ўсё вакол жыве.
Жыццё чуваць з усіх старон,
Жыццём наноўнены ўвесь мрок.
Ці ж загубіў плывучы сон
С чырвоных макоў свой вянок?
Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла;
Ціха з заснуўшых палян
Плыў у гару і знікаў,
Быццам дым сіневаты з кадзіла,
Рэдкі правідны туман;
Неба ўсю глыб ажывіўшы,
Патроху праз цемнь выглядалі
Зорак дрыжачых вянкі;
Конікі суха звінелі;
Шырэй разліваліся хвалі
Цёмнай, люстранай ракі;
Пала раса; у палёх
Загарэліся пацеркі мілых
Жоўта-чырвоных агнёў...
Час, калі трэба журыцца
Душою на свежых магілах
Пуста пранёсшыхся днёў.
Ціхі вечар; знікнула спякота,
Весялей струіцца між чарота
Рэчка, што ўцякае у ставок;
Ўкруг яго ідзе вярбін вянок
Йшчэ зялёных, свежых, хоць каравых;
Плесня каля бярагоў іржавых
Саматканым поясам ідзе
І лілеі расцвілі ў вадзе;
Часам з візгам ластаўка малая
Пранясецца нізка, і чыркае
Крылечкам з разгону гладзь стаўка,
Налякаўшы гэтым матылька.
Часам лінь ці окунь успляснуцца
І кругі шырока разыйдуцца.
Часам выпаўзаюць паляжаць
Тут вужакі шэрыя на гаць,
У канцы каторай. млын схіліўся;
Спарахнеў ён, ледзь не разваліўся,
Пачарнела кола, і даўно
Мохам цёмным абрасло яно.
Але сёння ходзіць кола млына,
Бо прыйшла да млынара дзяўчына,
Каб мог сукруху с сэрца збыць.
У белай вопратцы яна стаіць,
Нахіліла смуглую галоўку
І чуваць, як сэрца праз шнуроўку
Часта б'ецца. А стары млынар
Тройчы брызнуў ёй вадой на твар
I, уставіўты на хвалі вочы,
Прыглушоным голасам шапоча:
"Пакланюся я табе, царыца,
Чыстая, сцюдзёная вадзіца.
Ты цячэш балотамі, імхамі,
Жоўтымі, сыпучымі пяскамі,
Бэрагі крутыя падрываеш,
Дрэвы ды каменні падмываеш
І нясеш іх к мору-акіяну,
К выклятаму востраву Буяну.
Там і вецер буйны не гуляе,
Там і сонца краснае не ззяе,
Там не блішча ясная зараніца.
І прыносіш ты туды, вадзіца,
Важкі сум ад сэрца Кацярыны.
Я навокал абваджу тры тыны,
На замок іх моцна замыкаю,
Ключ у мора-акіян кідаю.
Як са дна ключу ўжо не падняцца
Так і гэтым словам не мінацца".
І падносіць млынару дзяўчына
Яйкі ў рэшаце і палатніну.
У бубны дахаў вецер б'е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
І спеў ліецца ўсё мацней, —
Гулянку справіў пан Падвей.
У бубны дахаў вецер б'е.
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Ўскіпела снежнае віно
І белай пенай мкне яно.
У бубны дахаў вецер б'е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Па вулках вее дзікі хмель,
Гудзіць сп'янелая мяцель.
У бубны дахаў вецер б'е,
Грыміць па ім, звініць, пяе.
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла весна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі.
Цямнее край зубчаты бора...
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскаго узора
Цвяток радзімы васілька.
Месяц круглы ўстаў на небе,
Блішчыць не высока,
Ўвесь чырвона-жоўты, быццам
Пугачова вока.
3 мілым, задушэўным зыкам
Важкі хрушч лятае;
Пра няшчаснае каханне
Нехта запявае.
Голас полем пракаціўся,
У бары аддаўся:
"А дзе ж тая крынічанька,
Што голуб купаўся?"
І снуюцца сумна ў сэрцы,
Ўюцца адгалоскі
Горкай песні, простай песні
Беларускай вёскі...
Шпарка коні імчацца у полі,
Сумна бомы гудзяць пад дугой,
Запяваюць аб долі і волі,
Навяваюць у сэрцы спакой.
Ўюцца змейкай срабрыстай дарожкі,
Брызгі золата ў небе блішчаць,
І маркотныя месяца рожкі
Праз марозную мглу зіхацяць.
Поле нікне у срэбным тумане,
Снег блішчыць, як халодная сталь,
І лятуць мае лёгкія сані,
Унашуся я ў сінюю даль.
Цветы осение милей
Роскошных первенцев полей.
Плакала лета, зямлю пакідаючы;
Ціха ліліся слязінкі на поле.
Але прыгожаю восенню яснаю
Там, дзе упалі яны, вырасталі
Кветкі асеннія, кветкі, ўспаённыя
Тугаю, горам, слязінкамі лета. —
Кветкі асеннія, родныя, бледныя!
Выраслі вы, каб ураз жа і згінуць.
Можа таму-то душа надарваная
Гэтак любоўна вянок з вас сплятае.
Добрай ночы, зара-зараніца!
Ўжо імгла над зямлёю лажыцца,
Чорнай рызай усё пакрывае,
Пылам зор небасхіл абсявае.
Цішыня агартае мне душу.
Вецярок прыдарожную грушу
Ледзьве чутна варуша—калыша,
Міла бомы смяюцца у цішы,
Ціха срэбрам грукае крыніца.
Добрай ночы, зара-зараніца!
Ўсё вышэй і вышэй я на гору ўзбіраўся,
Падымаўся да сонца, што дае нам цяпло:
Але толькі чым болей да яго набліжаўся,
Тым усё халадней мне й маркотней было.
Заскрыпеў снег сыпучы пад маімі нагамі,
І марозам калючым твар пякло ўсё крапчэй.
І, пануры, стамлёны, ўніз пайшоў я снягамі, -
Сонца там хоць і далей, але грэе цяплей!
Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей
Сэрцы цвёрдые быццам з камення.
Разаб'ецца аб іх слабы верш заўсягды,
Не збудзіўшы святога сумлення.
Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба с цярпеннем.
Як ударыш ты ім, — ён як звон зазвініць,
Брызнуць іскры з халодных каменняў.
Краю мой родны! Як выкляты Богам —
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты... Над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі.
Поруч раскідалісь родныя вёскі.
Жалем сцікаюцца грудзі! —
Бедные хаткі, таполі, бярозкі,
Ўсюды панурыя людзі...
Шмат што зрабілі іх чорныя рукі,
Вынеслі моцныя спіны;
Шмат іх прымусілі выцерпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны.
Кінь толькі вокам да гэтага люду —
Сціснецца сэрца ад болю:
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.
Песня пяе, як удовіна сына,
Янку, каханне згубіло;
Там, дзе панура схілілась каліна,
Беднага хлопца магіла.
Ў гутарках-казках аб шчасці, аб згодзе
Сэрца навін не пачуе.
Сціснула гора дыханне ў народзе,
Гора усюды пануе.
Хваляй шырокай разлілась, як мора,
Родны наш край затапіла...
Брацця! Ці зможам грамадскае гора?!
Брацця! Ці хваце нам сілы?!
(Ахвярую А. Пагодзіну)
Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насення жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясенняй збожжа на раллі.
Вось сімвол твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.